«ПО́ЛАЦКІЯ ГРА́МАТЫ»
(«Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв.»),
зборнік дакументаў па гісторыі Полацкай зямлі, падрыхтаваны Г.Л.Харашкевіч і выдадзены Ін-там гісторыі СССР АН СССР у Маскве (вып. 1—5, 1977—85). Уласна дакументы складаюць вып. 1-ы, 2-і і палову 3-га, у астатніх выпусках змешчаны каментарыі. Надрукавана 325 дакументаў (з іх 110 упершыню) 1263—1513 з архіваў Рыгі, Гётынгена, Гданьска, Варшавы, Масквы, у т. л. з Метрыкі ВКЛ. Большасць дакументаў асвятляе адносіны Полацка з Лівоніяй, Маскоўскай дзяржавай, ВКЛ, меншая частка — унутраную гісторыю Полацка. Дакументы надрукаваны на старабел., нямецкай (22), лацінскай (7), польскай (4) мовах; іншамоўныя тэксты пададзены з паралельным перакладам на рус. мову. Паказальнікі да зборніка выдадзены асобна ў 1989. Зборнік мае вял. значэнне для вывучэння эканам. і сац. становішча сялян, мяшчан, інш. слаёў Полацкай зямлі, развіцця ўнутр. і знешняга гандлю, знешнепаліт. зносін Полацка.
М.Ф.Шумейка.
т. 12, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)